Маладзёжны патрыятычны праект “Марафон мужнасці” па ініцыятыве Брэсцкага абласнога камітэта "БРСМ" стартаваў некалькі гадоў назад. Праведзены дзясяткі мерапрыемстваў і акцый. А ў бягучым годзе праект прыўрочаны да 100-годдзя камсамольскага руху, адзін з яго этапаў у мінулы аўторак, 12 снежня, прайшоў на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна.
Гарадскі сквер Івацэвічаў па вул. Савецкай, брацкая магіла. Урачысты мітынг, у якім бяруць удзел прадстаўнікі маладога пакалення, старшакласнікі школ і ліцэя Івацэвічаў, адкрывае Юрый Сегянюк, начальнік аддзела па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама:
– Маршрут “Марафону памяці” пралягае праз Івацэвіччыну невыпадкова, бо на вашай зямлі дарослыя і дзеці сталі на абарону роднага краю ад фашысцкай навалы. Радуе, што патрыятычная работа сярод моладзі ў вашым раёне праводзіцца на належным узроўні; гэта – важна, бо зараз многім псеўда-гісторыкам не церпіцца перагледзець вынікі вайны, падаць яе ў зусім іншым святле… Мы павінны расказваць моладзі сапраўдную праўду...
З прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярталіся в.а. першага сакратара Івацэвіцкага РК ГА “БРСМ” Аляксандра Гардзейка, другі сакратар Брэсцкага абкама ГА “БРСМ” Мікалай Лугаўскі. Вельмі пранікнёным было выступленне Жанны Каспяровіч, педагога СШ №3 г. Івацэвічы, якая з’яўляецца адным са стваральнікаў клуба “Пошук”. Прыемна, што гэтая работа атрымала свой працяг, што ваенна-патрыятычны клуб “Нашчадкі” створаны і ў СШ №4 г. Івацэвічы. І моладзь з жаданнем пайшла ў “Нашчадкі”. Творчую дапамогу ў правядзенні мерапрыемства аказалі і навучэнцы ліцэя Івацэвіцкага раёна.
Аб’яўляецца хвіліна маўчання, ускладаюцца кветкі да помніка загінуўшым пры вызваленні Івацэвічаў, да помніка падпольшчыкам Віктару Клютко і Лявонцію Букшце (на здымку). Тут, у гарадскім скверы, у члены БРСМ былі прыняты хлопцы і дзяўчаты школ Івацэвічаў.
У гэты дзень на базе УА "Івацэвіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці" прайшла творчая сустрэча маладзёжных пакаленняў. Пасля для ўдзельнікаў мерапрыемства была праведзена экскурсія па мемарыяльным комплексе партызанскай славы “Хаваншчына”.