Прыўнесці новыя ідэі ў дзейнасць Івацэвіцкага раённага камітэта ГА “БРСМ” – такую мэту паставіла перад сабой новы лідар маладзёжнага аб'яднання Аляксандра Гардзейка, у нядаўнім мінулым намеснік дырэктара Стайкаўскай СШ па выхаваўчай рабоце. Карэспандэнт раёнкі сустрэўся з новым лідарам моладзі, каб даведацца, чым жыве сёння арганізацыя, якія ініцыятывы і перспектыўныя праекты ў планах.
Як адзначыла Аляксандра Гардзейка, сёння Івацэвіцкі раённы камітэт ГА “БРСМ” – гэта, перш за ўсё, рэальная магчымасць для актыўнай дзейнасці. Ёсць ідэя – у камітэце заўсёды гатовыя падтрымаць і дапамагчы ў яе рэалізацыі. Гэта актыўны адпачынак і знаёмства з новымі людзьмі, выдатная магчымасць выказаць сваё меркаванне і быць пачутым.
“Раённы камітэт ГА "БРСМ" за гады актыўнай дзейнасці набыў свой індывідуальны імідж, таму важна працягнуць распачатую маімі папярэднікамі справу. Мне падабаюцца формы работы з моладдзю, якія сталі традыцыйнымі для нашай арганізацыі: адкрыты дыялог, праца ў інтэрнэт-прасторы. У хуткім часе планую распачаць свой відэаблог з аглядам культурнага жыцця раёна, праблем моладзі, агульначалавечых пытанняў, якія хвалююць маладое пакаленне і, безумоўна, з’яўляюцца прыярытэтнымі ў дзейнасці БРСМ”, – расказала Аляксандра.
Па словах першага сакратара РК ГА “БРСМ”, работа арганізацыі будзе традыцыйна весціся па асноўных напрамках: занятасць моладзі, валанцёрская і дабрачынная дзейнасць, ідэйна-маральнае і патрыятычнае выхаванне, культурна-асветніцкая дзейнасць, фарміраванне здаровага ладу жыцця, падтрымка маладзёжных ініцыятыў. За гэтымі напрамкамі стаяць дзясяткі і нават сотні праектаў, мерапрыемстваў, акцый і праграм. Многія з іх ужо сталі традыцыйнымі, добра вядомымі ў раёне. Сярод іх “100 ідэй для Беларусі”, “Уладар сяла”, “Разам за моцную і квітнеючую Беларусь”, “Мой падарунак ветэрану”, “Вясёлыя старты”, "Цуды на Каляды" і іншыя.
Таксама ўвага будзе накіравана на павышэнне колькаснага складу раённай арганізацыі. Акрамя гэтага, Аляксандра Гардзейка плануе наладзіць больш цесную сувязь з сакратарамі пярвічак. Бо менавіта яны – прадстаўнікі маладзёжнай арганізацыі ў калектывах, актывісты, якія могуць і павінны зацікавіць і прыцягнуць новых актывістаў. “Прывабліваць моладзь будзем разнастайнымі мерапрыемствамі і акцыямі.
Так, на днях у нашай афіцыйнай групе “Укантакце” ўжо стартаваў першы творчы конкурс “Жыццё з пазітывам”. Уладальнік самага арыгінальнага фота атрымае салодкі прыз – торт. Таксама мы распачалі працу па заключэнні дагавароў з сеткай крам і цырульняў аб прадастаўленні зніжак для членаў БРСМ. Будзем наладжваць кантакт з рознымі катэгорыямі моладзі – гарадскімі і сельскімі школьнікамі, працуючай моладдзю, асаблівую ўвагу будзем надаваць падлеткам, якія стаяць на ўліку ў ІСН”, – расказала Аляксандра Гардзейка.
Але ёсць у кіраўніцтва раённага камітэта ГА “БРСМ” і пэўныя цяжкасці. Адна з праблемных абласцей – павелічэнне колькасці студатрадаў.
“Як кажуць, рыхтуй сані летам. Я ж дадам, а працоўныя месцы – зімой. Ужо зараз мы пачнём дамаўляцца з наймальнікамі наконт працоўных месцаў на лета 2018, каб усе тыя, хто пажадае працаўладкавацца, змаглі выбраць для сябе падыходзячы па кірунку дзейнасці студатрад. Сярод моладзі студатрады вельмі запатрабаваныя, у нас шмат маладых людзей, гатовых працаваць у розных сферах. Але прадпрыемствы і арганізацыі не вельмі ахвотна наймаюць на працу моладзь, асабліва непаўналетніх. Але мы зробім усё магчымае, каб сітуацыя змянілася да лепшага. Тым больш, што на заканадаўчым узроўні з'явіліся дадатковыя прэферэнцыі для наймальнікаў студатрадаў”, – адзначыла Аляксандра Гардзейка.
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.