З 10 па 15 сакавіка па ўсёй краіне праходзіла патрыятычная акцыя Грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" “Мы – грамадзяне Беларусі!”.
У рамках акцыі чатырнаццацігадовыя юнакі і дзяўчаты атрымліваюць пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Асаблівы гонар – атрымаць галоўны дакумент у Дзень Канстытуцыі. Ва ўрачыстай абстаноўцы, як гэта было 15 сакавіка ў Ляхавічах у гарадскім Доме культуры.
Дванаццаць нашых юных землякоў сваёй добрай вучобай, грамадскай актыўнасцю, паспяховым удзелам у навукова-практычных канферэнцыях, фестывалях, школьных прадметных алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах заслужылі гонар атрымаць пашпарт у Дзень Канстытуцыі.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Цупрык і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч павіншавалі юнакоў і дзяўчат з гэтай адметнай, этапнай і, безумоўна, запамінальнай для іх падзеяй. Нагадалі, што быць грамадзянінам – гэта не толькі мець правы, але і абавязкі.
Яшчэ адзін наш юны зямляк – вучань Жарабковіцкай сярэдняй школы Аляксандр Русакевіч за сваім першым пашпартам спецыяльна наведваўся ў сталіцу краіны. Ён стаў адным з нямногіх юных беларусаў, хто атрымаў галоўны дакумент з рук галоўнага следчага краіны Івана Наскевіча.
У Дзень Канстытуцыі папоўніліся і рады раённай арганізацыі БРСМ. Білеты аб прыналежнасці да маладзёжнай арганізацыі атрымалі 25 юнакоў і дзяўчат.