У рамках Усебеларусскай патрыятычнай акцыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў актавай зале сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца сабраліся юнакі і дзяўчаты сярэдніх школ № 2 і № 3 р. п. Рэчыца, якім прыйшоў час атрымліваць галоўны дакумент кожнага грамадзяніна краіны – пашпарт Рэспублікі Беларусь. На мерапрыемстве прысутнічалі старшыня райвыканкама Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Мікалаевіч Вячорка і старшыня Рэчыцкага выканаўчага камітэта Ігар Мікалаевіч Курган.
Прагучаў Гімн Рэспублікі Беларусь. На сцэну запрасілі віноўнікаў урачыстасці – тых навучэнцаў, якім споўнілася 14 гадоў. Быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь - ганарова і, атрымаўшы пашпарт, маладыя людзі становяцца паўнавартаснымі грамадзянамі рэспублікі.
Старшыня райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі адрасаваў прысутным у зале і маладым грамадзянам краіны віншаванні з Днём Канстытуцыі і адзначыў, што Канстытуцыя краіны павінна быць моцнай як фундамент, бо ад гэтага залежыць моц і сіла нашай дзяржавы, а яе будучыня ў руках падрастаючага пакалення. Рыгор Васільевіч з самымі лепшымі пажаданнямі на адрас маладых людзей уручыў ім пашпарты і кнігі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Пасля прагучала клятва юных грамадзян Беларусі і з віншаваннямі да вучняў звярнулася класны кіраўнік 9 “А” класа сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца Мельнік Валянціна Васільеўна.
У час мерапрыемства прагучалі віншаванні з Днём Канстытуцыі і такой значнай падзеяй у жыцці маладых людзей, якія пераступілі яшчэ адну мяжу ў сваім жыцці, ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандра Вячоркі, старшыні Рэчыцкага выканаўчага камітэта Ігара Кургана, дырэктара сярэдняй школы № 2 р. п. Рэчыца Сяргея Велясніцкага і дырэктара сярэдняй школы № 3 р. п. Рэчыца Андрэя Казёлкі, якія ўручылі вучням падарункавыя наборы “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
З музычнымі кампазіцыямі выступалі Адрыяна Камандышка, Вікторыя Падун і ўдзельнікі вакальнага ансамбля “Дамісолька” (педагог Андрыкевіч Н. Р.), харэаграфічныя нумары падрыхтаваў ансамбль танца “Карамель” (педагог Казеня А. В.).
Скончылася святочнае мерапрыемства выкананнем Гімна Рэспублікі Беларусь.
Людміла КАСПЯРОВІЧ, "Навіны Палесся"
Фота аўтара
У сярэдняй школе № 2 Давыд-Гарадка ў актавай зале сабраліся 44 вучні 10 і 11 класаў, якія прымалі віншаванні ад дырэктара школы Сяргея Антонавіча Труханаўца. Далучыўся да яго слоў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, дырэктар ААТ “Новая Прыпяць” Іван Мікалаевіч Антановіч.
Ён адзначыў ролю маладых спецыялістаў у развіцці краіны. Адказнасць, гатоўнасць прымаць сур’ёзныя рашэнні, самастойнасць, мэтанакіраванасць – усё гэта складаючыя поспеху ў любой сферы дзейнасці. Заўсёды трэба імкнуцца да выдатных вынікаў і не спыняцца на дасягнутым. Таму дзейнічайце і ведайце, што толькі сам чалавек будуе сваю будучыню. Іван Мікалаевіч пажадаў поспехаў вучням і ад імя кіраўніка дзяржавы уручыў кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Афіцыйную частку ўпрыгожыла вучаніца 10 класа Марына Сыса, якая парадавала выкананнем некалькіх песень.
Да Дня Канстытуцыі было прымеркавана і раённае спартыўна-масавае мерапрыемства, што адбылося ў спартыўнай зале. Прымалі ў ім удзел вучні старшых класаў абедзвюх школ г. Давыд-Гарадка і каманда Веляміцкай сярэдняй школы. Судзілі спаборніцтвы спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму Андрэй Аляксандравіч Дамашчук, Алёна Мікалаеўна Максімовіч, а таксама намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Столінскага райвыканкама Іван Іванавіч Шаламіцкі. Яшчэ мэтай гэтага турніру была прапаганда здаровага ладу жыцця сярод падлеткаў і карысць актыўнага адпачынку. Кожная каманда складалася з 10 юнакоў старшых класаў, у тым ліку вучняў, што знаходзяцца на ўліку ў ІСН. Удзельнікі змагаліся за перамогу ў конкурсах з мячом і скакалкай, прадэманстравалі свае фізічныя даныя ў адцісканнях ад падлогі і конкурсе капітанаў. Вясёлым атрымаўся класічны конкурс – скачкі ў мяшках. Мацнейшымі сталі госці – каманда Веляміцкай сярэдняй школы ў складзе Андрэя Кананчука, Дзяніса Кругліча, Аляксея Ляшкевіча, Юрыя Машлякевіча, Аляксандра Ранцэвіча, Аляксандра Раўкача, Валянціна Рэкеша, Дзмітрыя Шабунькі, Мікалая Шабунькі і Антона Шмата. Хлопцы шчыра радаваліся свайму поспеху і павезлі дадому грамату і спецыяльны падарунак – футбольны мяч.